Кіраваць – таксама мастацтва, або некалькі словаў пра крызыс улады ў сьвеце.

Jan_Matejko-Batory pod Pskowem
Арцём Булатоўскі.

Апошнім часам можна пачуць шмат нараканьняў на ўладу й кіраваньне ў Беларусі. Суседнія з намі народы таксама часта, нават традыцыйна, крытыкуюць свае ўрады. Ясна, што ідэяльнага на гэтым сьвеце мала і заўсёды можна знайсьці прычыну панаракаць ці асудзіць. Але калі маюцца аб’ектыўныя вялізныя праблемы ў гаспадарцы, дэмаграфіі, культуры – то незадаволенасьць перарастае ў нешта зусім іншае. Разам з тым лягічна ўзьнікае пытаньне – а што тады рабіць? Хто мусіць вырашыць нашыя праблемы шырокага сьпектру? І вось якія адказы нам прапануе гісторыя.

Стары Запавет

Бадай што самым старым прыкладам таго, які кіраваць грамадзтвам, мы знойдзем у Бібліі. Вось што на гэты конт нам распавядае Стары Запавет:

  1. І ставіў ім Госпад судзьдзяў, якія ратавалі іх ад рук рабаўнікоў іхніх;
  2. але і судзьдзяў яны ня слухалі, а хадзілі блудна сьледам за іншымі багамі і пакланяліся ім, хутка ўхіляліся ад шляху, якім хадзілі бацькі іхнія, слухаючыся запаведзяў Гасподніх. Яны так не рабілі.
  3. Калі Госпад ставіў ім судзьдзяў, то Сам Госпад быў з судзьдзёю і ратаваў іх ад ворагаў іхніх ва ўсе дні судзьдзі: бо шкадаваў іх Госпад, чуючы стогны іхнія ад прыгнятальнікаў і ўціскальнікаў іх.

(Кніга Судзьдзяў 2: 16-18)

Відавочна, што народам у тыя часы не кіравалі “залётныя” людзі. Судзьдзя мусіў быць справядлівым, міласэрным для сваіх, адважным перад небясьпекаю,каб атрымаць ад Бога права звацца “судзьдзёю” і прызнавацца народам за водцу.

Індаарыі

Прыблізна з 1700-га па 1100 г. да новай эры ў часткі індаэўрапейцаў – індаарыяў, – узьнікла сыстэма падзелу грамадзтва на варны. Сярод іх былі тры вышэйшыя – брахманы, кшатрыі, вайш’і, якія былі прадстаўленыя арыямі, і адна ніжэйшая – шудры, прадстаўленая мясцовым, тутэйшым насельніцтвам Індыі. Для кожнай зь іх былі прапісаныя свае “зоны” адказнасьці.

А дзеля роськвіту сьветаў Брахма стварыў са сваіх вуснаў, рук, сьцёгнаў і ступняў брахмана, кшатрыя, вайш’ю і шудру.

А для захаваньня ўсяго гэтага сусьвету ён, прасьветлы, для народжаных ад вуснаў, рук, сьцёгнаў і ступняў усталяваў асаблівыя заняткі. Навучаньне, вывучэньне вед, ахвярапрынашэньне для сябе і ахвярапрынашэньне для іншых, раздачу і атрыманьне міласьціны ён усталяваў для брахманаў. Ахову падданых, раздачу міласьціны, ахвярапрынашэньне, вывучэньне вед і непрымальнасьць  мірскіх  забаваў ён пастанавіў для кшатрыяў. Пасьбу скаціны, і таксама раздачу міласьціны, ахвярапрынашэньне, вывучэньне вед, гандаль, ліхвярства і земляробства – для вайш’я. Але толькі адзін занятак уладыка усталяваў для шудраў – служэньне гэтым варнам з пакорай.

Як бачым, справамі кіраваньня мусілі тады займацца сьпецыяльныя людзі – кшатрыі. І што цікава зазначыць, нягледзячы на валоданьне ўладаю, кшатрыі не зьяўляліся найвышэйшай варнай, але брахманы – людзі духоўнага стану. Старажытнаарыйская мудрасьць загадвала кшатрыям-ваярам  захоўваць дыстанцыю ад мірскіх забаваў. Адразу на памяць прыходзяць шматлікія эўрапейскія чыноўнікі на роварах і сьціплых аўто. Таксама вельмі важна адзначыць абавязак усіх вышэйшых варнаў па вывучэньні ведаў – мясцовых законаў, правілаў, культуры. Дадзены арыйскі “кодэкс” дазволіў народам Індыі захавацца па сёньняшні дзень праз стагодзьдзі войнаў, разбурэньняў, акупацыяў.

Плятон

Напэўна, адным з самых вядомых трактатаў пра дзяржаўнае кіраваньне зьяўляецца дыялёг Плятона “Дзяржава”. Там філёзаф пералічвае тыпы дзяржаўнага ладу, якія могуць існаваць у грамадзтвах. Паводле Плятону, самым лепшым тыпам дзяржаўнага ладу ёсьць арыстакратыя, якая дазваляе найлепшай меншасьці кіраваць і арыстакратам быць роўнымі паміж сабой. Дэмакратыя, як лічыў аўтар, гэта стан роўнасьці ўсіх мужчын з уласнасьцю.  Але горш за яе толькі тыранія, бо ў дэмакратычным грамадзтве ня важна, якія ты маеш асабістыя якасьці. Галоўнае – маёмасьць.

Таксама старажытнагрэцкі аўтар прапаноўваў падзяліць грамадзтва на тры часткі – філёзафаў (кіраўнікоў), вартаўнікоў (ваяроў) і кармільцаў (земляробы, гандляры,прадпрымальнікі).

Калі караценька падсумаваць, то становіцца ясна, што кіраўнікі мусяць адпавядаць пэўным высокім маральным крытэрам, а кожны чалавек можа дасягнуць вышыняў толькі ў сваёй вузкай справе.

Рэч Паспалітая

ThingLink.com

Пераносімся на нашую зямлю. Гісторыя Беларусі таксама дае нам павучальны ўрок. А менавіта часы Рэчы Паспалітае даюць нам зразумець – хворае кіраўніцтва вядзе да зьнікненьню дзяржавы. Яшчэ ў 1550 годзе Міхалон Літвін у сваім трактаце “Аб норавах татар, літвінаў, маскавітаў” (“De moribus tartarorum, lituanorum et moschorum”) пісаў пра любоў шляхты да пьянак і нежаданьне змагацца з татарамі і абараняць Айчыну. А вайна з ворагам – гэта быў прамы абавязак шляхты. Да таго ж лад шляхецкай дэмакратыі (!) перарос у лад алігархіі. Усе гэтыя фактары прывялі да акупацыі і падзелаў Рэчы Паспалітае.

Калі зрабіць некаторыя высновы, то відавочным становіцца факт неабходнасьці мець падрыхтаваных кіраўнікоў у любым грамадзтве. Мабыць, большасьць нашых праблемаў растуць адтуль? Як цікава калісьці выказалася прафэсар, нэйрапсыхоляг і біёляг Тацьцяна Чарнігаўская на гэты конт, сьцьвярджаючы што мы часта задаем няправільныя пытаньні ня тым людзям, якія няправільна на іх адказваюць і неадпаведна вырашаюць. Проста, але праўда.

Кітай

Кіраўніцтва КНР зараз многія экспэрты ацэньваюць як высокапрафэсыянальнае і дзяржаўны лад называюць мэрытакратыяй (улада лепшых). Каб кіраваць цэлай правінцыяй, трэба мець салідную адукацыю і ўменьні, якія даюцца не адзін год. Пры фактычнай дыктатуры камуністаў у краіне пабудаваная рынкавая эканоміка пад кантролем дзяржавы. Да таго ж не забудзем на мадэрнізацыю партыі, дзе пэрыядычна мяняюць пэнсыянэраў на маладых. І наадварот, ва Эўропе мы часта назіраем на ключавых пасадах людзей узросту 40+, а нават і 50+.

Падсумаваньне вышэйапіснага можна зьмясьціць у адзін сказ. Для пасьпяховага кіраваньня кожнаму грамадзтву патрэбнае спачатку само моцнае прасунутае грамадзтва, а потым адукаваныя, умелыя, вопытныя, хацяб адносна маладыя і высокамаральныя кіраўнікі. Менавіта высокамаральныя. Наконт апошняга дададзім пару словаў.  Аднойчы ў пустыні д’ябал спакушаў Хрыста магчымасьцю валадарыць над усім сьветам. Чалавек слабага духу можа лёгка паддасца  такой спакусе. Улада часта горшыць людзей. Высокая і цьвёрдая маральнасьць – вось рэцэпт пазытыўнага посьпеху.

Выкарыстаньне матэрыялу абавязковае зь гіперспасылкай на дадзеную старонку.

Be the first to comment

Leave a Reply

Your email address will not be published.


*